III Городские педагогические чтения Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі у сучасных умовах на...

Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі у сучасных умовах на занятках вакальнага ансамбля”Спяваем разам” і фальклорнага ансамбля ”Росніца”

-

- - -

Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі у сучасных умовах на занятках вакальнага ансамбля”Спяваем разам” і фальклорнага ансамбля ”Росніца”

 

Мардань Дар’я Анатольеўна,

педагог дадатковай адукацыі;

Растаргуева Таццяна Юр’еўна,

метадыст дзяржаўнай установы адукацыі

“Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” г.Мінска”, Рэспубліка Беларусь

 

Чужое ведаць – добра, сваё- абавязак.

З.Глогер

 

З даўніх часоў дайшлі да нас народныя традыцыі, святы, абрады, звычаі, песні, казкі, нарэшце, родная мова. Усё гэта перадавалася з пакалення ў пакаленне. Без мінулага няма будучыні і любыя веды аб мінулым узбагачаюць нашы пачуцці. Тым больш, што мы атрымалі ў спадчыну такое вялікае духоўнае багацце! Той, хто зацікавіцца гэтым, будзе назаўсёды паланёны ім.

Найбольш адметнай рысай кожнага народа з’яўляецца яго духоўная культура. Станаўленне асобы чалавека адбываецца ў дзіцячым і падлеткавым узросце, таму ў адукацыйнай прасторы неабходна стварыць усе ўмовы для напаўнення ўнутранага свету дзіцяці духоўнымі каштоўнасцямі. Тое, што мы зможам закласці ў душу дзіцяці зараз, выявіцца пазней, стане яго і нашым жыццём.

Далучэнне да народных традыцый, абрадаў, святаў, танцаў спрыяе рознабаковаму развіццю і выхаванню дзяцей розных узростаў, фарміраванню духоўнай і творчай асобы. Важнае месца ў духоўна-маральным выхаванні дзяцей і моладзі займае фальклор, абрадавая культура – галоўнае мастацкае багацце нашых продкаў, дзякуючы якому ажыццяўляецца сувязь пакаленняў і бесперапыннасць духоўнага развіцця нацыі.

Мы з упэўненасцю можам сказаць, што не страцілі сваёй духоўнай спадчыны, таму што ёсць яшчэ людзі, якія цікавяцца народнай творчасцю і перадаюць свае веды навучэнцам.

Сярод выхаваўчых задач, якія стаяць перад установай дадатковай адукацыі, адной з найбольш важных з’яўляецца задача духоўна-маральнага выхавання дзяцей як асновы фарміравання культурнай асобы, здольнай да самаразвіцця, да ўдасканалення, да рэалізацыі свайго творчага патэнцыялу на карысць грамадства і дзяржавы.

Праца па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаўу ДУА “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” г.Мінска” праводзіцца па наступных напрамках дзейнасці: адукацыйны, выхаваўчы і метадычны. Усе мерапрыемствы можно падзяліць на блокі: асоба педагога, адукацыйна-выхаваўчая дзейнасць, сям’я.

 

Блок “Асоба педагога”

Немагчыма выхаваць высокамаральнага, духоўна багатага чалавека, калі сам педагог такім не з’яўляецца. Ён павінен не толькі валодаць высокім узроўнем прымянення сучасных тэарэтычных і педагагічных ведаў, але і быць прыкладам духоўнасці, прыкладам высокамаральных асноў для навучэнцаў і іх бацькоў. Толькі пры гэтай умове праца па развіцці духоўна-маральных якасцей у навучэнцаў будзе мэтазгоднай. Практычна гэта рэалізуецца ў аб’яднаннях Цэнтра ў розных напрамкаў: Узорны ансабль танца “Пралесачка”, Узорная студыя “Мастацкая кераміка”, Народная студыя “Залатыя рукі” (дэкаратыўна-прыкладная торчасць), “Крэатыў” (выкарыстанне элементаў арнаменту ў сучасным адзенні), гістарычны танец “Табарок” і інш.

Маё знаёмства з народнай музыкай і спевамі адбылося ў фальклорным Узорным ансамблі“Гасцінец” ДУА “Гімназіі № 17 г.Мінска”. Я захапілася гэтым напрамкам дзейнасці і працягнула яго ў “Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” г.Мінска”, дзе з’яўляюся кіраўніком вакальнага ансамбля “Спяваем разам” і акампаніятарам фальклорнага ансамбля “Росніца”. Па адукацыі спецыяліст па фальклоры, магістр мастацтвазнаўства, у якасці аспіранткі ўдзельнічаю ў міжнароднай канферэнцыі па праблемах успрымання, захавання аўтэнтычнага фальклору ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацстваў. Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў на занятках адбываецца праз іх азнаямленне з беларускім народным касцюмам, народнымі танцамі, песнямі, музычнымі інструментамі, прыказкамі, прымаўкамі, загадкамі, гульнямі. Падбіраю практычны відэа- і фотаматэрыял па дадзенай тэматыцы. На занятках карыстаюся матэрыяламі экспедыцый, у якіх удзельнічала студэнткай, а таксама запісамі этнографаў і этнамузыколагаў, што садзейнічае знаёмству навучэнцаў з унікальнымі песнямі, танцамі, якіх няма ў шырокім доступе.

Яшчэ адной формай работы з навучэнцамі з’яўляецца абавязковы аналіз педагагічных сітуацый з выкарыстаннем метадаў народнай педагогікі (выхаваўчыя моманты абраду, песні, танцаў (гендарныя адносіны) і г.д.).

 

Блок “Адукацыйна-выхаваўчая дзейнасць”

У кожнай адукацыйнай праграме прапісана мэта духоўна-маральнага выхавання. Але ёсць аб’яднанні па інтарэсах, у якіх фармаванне духоўнасці, маральнасці на аснове выхавання грамадзянскасці, патрыятызму, адказнасці за лёс навакольнага свету з’яўляецца асноватворным, і вакол гэтага моманту арганізуецца ўсё навучанне і выхаванне. Пры падборы рэпертуару педагогі дадзеных аб’яднанняў па інтарэсах выбіраюць творы, якія садзейнічаюць развіццю духоўна-маральных якасцей. З тэатральнымі пастаноўкамі, музычнымі творамі дзеці выступаюць перад гледачамі.

Рэалізацыя духоўна-маральнага і этнакультурнага выхавання ўдзельнікаў фальклорнага ансамбля “Росніца” і вакальнага ансамбля “Спяваем разам” адпавядае наступным структурным накірункам: народазнаўства і народнае мастацтва (музычнае, хараэграфічнае, дэкаратыўна-пракладное).

Беларуская мова з’яўляецца вызначальным элементам фарміравання асобы дзіцяці як прадстаўніка пэўнага этнасу, спрыяе этнакультурнаму выхаванню. На занятках вакальнага ансамбля “Спяваем разам” і фальклорнага ансамбля “Росніца” навучэнцы размаўляюць на роднай мове, вывучаюць народны каляндар, лад жыцця беларусаў, народныя звычаі, традыцыі, прымаюць удзел у абрадавых мерапрыемствах. Праз усё гэтая імкнуся тонка і ненадакучлівага ўвесці паняцце духоўна-маральнага выхавання, сфармаваць грамадзянскую пазіцыю, пачуццё патрыятызму.

Разам з гэтым праводжу работу па засваенні духоўных каштоўнасцей этнічнай культуры. Гэта перш за ўсё авалодванне этнічнай гісторыяй, арыенціроўка ў этнічных асаблівасцях беларускага народа, разуменне важнасці месца і ролі беларускага народа ў гістарычным развіцці чалавецтва. Удзельнікі калектываў прымаюць актыўны ўдзел у народных святах (Загуканне вясны, Масленіца, Купалле, Багач, Каляды), абрадах, гульнях, экскурсіях, сустрэчах з народнымі ўмельцамі, знаёмяцца з адпаведнай літаратурай.

Адзін з прыкладаў абрадавага свята – “Загуканне вясны”. Ён праходзіць ў парку імя М.Горкага. Навучэнцы рыхтуюць птушак з паперы, саломы, цеста, якімі пад супольнае выкананне вяснянкі «Жавароначкі, прыляціце» ўпрыгожваюць дрэвы. Выконваюцца заклічкі «Агу, вясна», «Вясна на калочку». Удзельнікі збіраюцца на абодвух берагах ракі Свіслач і ствараюць імітацыю рэха шляхам пераклікання асобных хароў. Пасля спеўнай часткі абрадавага свята пачынаецца гульнёва-танцавальная – «Свята раўнадзенства». Калектывы ўдзельнічаюцьу абрадавых гульнях– «Мак», «Проса», «Цар», «У карагодзе мы былі», «Явар» і традыцыйных танцах– «Кракавяк», «Акуліна», «Падэспан», «Лявоніха».

Навучанне непарыўна злучана з выхаваўчай работай, якая павінна засноўвацца на глыбокім веданні беларускага менталітэту. Кожны нацыянальны характар мае свае тыповыя рысы. Памяркоўнасць, гасціннасць, міласэрнасць, працавітасць, уменне пастаяць за сябе, беражлівасць – вось гэтыя і многія іншыя гуманістычныя рысы характару беларусаў сталі высокакаштоўнай нацыянальнай адметнасцю. Вось гэтыя якасці я імкнуся выхоўваць у навучэнцах.

 

Блок — «Сям’я»

Гэты цыкл мерапрыемстваў па духоўна-маральным выхаванні накіраваны не толькі на навучэнцаў, але і на іх бацькоў. Таму вялікая адмысловая ўвага нададзена гэтай працы.

Успрыманне нацыянальнага выхавання адбываецца з ранняга дзяцінства праз вусную народную творчасць: казкі, песні, міфы, гульні і інш. Мэта этнакультурнага выхавання ў сям’і – набліжэнне дзяцей да разумення сэнсу жыцця і выпрацоўка жыццёвай пазіцыі з дзіцячых гадоў. І паколькі сям’я з’яўляецца адным з асноўных інстытутаў выхавання, яна заклікана выхоўваць у моладзі лепшыя рысы нацыянальнага характару. Сям’я прызначана дапамагаць фармаванню ў маладога пакалення запатрабавання ў сваёй нацыянальнай культуры, мове, імкнення ідэнтыфікаваць сябе са сваім народам, выхоўваць грамадзянскае стаўленне да гісторыі роднага краю, духоўна-маральных каштоўнасцей свайго народа, нацыянальных традыцый як часткі сусветнай культуры.

Лічу, што вельмі добра, калі бацькі сумесна з дзецьмі ўдзельнічаюць у мерапрыемствах. Некаторыя з выхаванцаў пасля заканчэння навучання ў аб’яднанні па інтарэсах, атрымаўшы вопыт выступаў на святах і канцэртах не хочуць кідаць заняткі спевамі ці танцамі і працягваюць навучанне ў дадзеным кірунку далей. На дадзены момант я рыхтую ўдзельніцу свайго калектыву да паступлення ў Мінскі каледж мастацтваў на спецыяльнасць “народныя харавыя спевы”.

Калі падсумаваць выкладзенае вышэй, відавочна, што толькі сумеснымі намаганнямі праз узаемадзеянне ўстановы адукацыі, сям’і і соцыуму можна сфарміраваць у моладзі любоў да бліжняга і да сваёй Радзімы, беларускай культуры, традыцый і звычаяў, выхаваць дабрыню, сумленнасць і міласэрнасць.

 

Спіс літаратуры:

  1. Барташэвіч Г.А., Каліноўскі У.Д. Этнакультурныя традыцыі ў сучаснай сістэме выхавання // Кіраванне ў адукацыі. – 2012. – №10. – с.10-14.
  2. Лозка А. Беларускі народны каляндар / аўтар-уклад.– Мн.: Полымя, 1993.– 205с.
  3. Булойчык Л.Л. Выхаванне на традыцыях беларускай народнай культуры // Пазашкольнае выхаванне. – 2005. – № 3. – С.42–44.
  4. Лозка А. Восеньскія святы: Дапаможнік для настаўнікаў і выхавальнікаў / уклад. –Мінск: Беларусь, 1995. – 110с.
  5. Козенка М.А. IV Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” /аўтар-уклад.. – Мн.: Чатыры чвэрці, 2004. – 247 с.
  6. Коростик С.Г. Развитие ребёнка через музыкально-художественную и театрально-хореографическую деятельность на основе национальной культуры и традиций белорусского народа // Веснік адукацыі. – 2013. – №1. – с. 18-21.
  7. Кухаронак, Т.І. Роля традыцыйнай культуры беларусаў у сучасным выхаваўчым працэсе, Кухаронак, Т.І. // Народная спадчына Бацькаўшчыны: вывучэнне спадчыны і выхаванне дзяцей сродкамі аўтэнтычнага народнага мастацтва: Матэрыялы фальклорных чытанняў / – Мн., выд.”Чатыры чвэрці”, 2002. – с. 54-59.
  8. Крыўко Т.М. Стварэнне этнакультурна-адукацыйнай прасторы як умова выхавання духоўна-маральных каштоўнасцей і сацыялізацыі навучэнцаў у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: зборнік навукова-метадычных і практычных матэрыялаў / склад.. – Мінск: НЦМТДзМ, 2013. – 116 с.
  9. Пладунова, Т.А. Фальклор як экасістэма культуры (Да пытання этнакультурнага выхавання дзяцей і моладзі) / Пладунова Т.А. // Традыцыйная культура і дзеці: праблемы захавання і пераемнасці: зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі /– Мазыр: МазДПі імя Н.К. Крупскай, 2001. – С.3-6.

 

Дадатак

 

 

metodist
Кабинет педагогического опыта и сетевых ресурсов
- - -
- - -

Вам также может понравитьсяСВЯЗАННЫЕ СТАТЬИ
Рекомендуется для вас