III Городские педагогические чтения Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі ў сучасных умовах...

Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі ў сучасных умовах сродкамі тэатральнай дзейнасці

-

- - -

Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі

ў сучасных умовах сродкамі тэатральнай дзейнасці

 

Раманава Аляксандра Міхайлаўна,

педагог дадатковай адукацыі

дзяржаўнай установы адукацыі

“Цэнтр тэхнічнай і мастацкай творчасці

дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна г.Мінска “Зорка”

 

Духоўна-маральнае выхаванне моладзі было, ёсць і будзе падмуркам, на якім  базуецца педагогіка. Галоўным паказальнікам  узроўню духоўна-маральнага выхавання чалавека з’яўляецца яго стаўленне да іншых людзей.  Сцэнічная дзейнасть не магчыма без зладжаннага, “зыгранага”, дружнага калектыву. Таму мая першая задача, як педагога дадатковай адукацыі, – наладжванне прыязных, добразычлівых адносін паміж выхаванцамі. У тэатральным аб’яднанні па інтарэсах “Прэм’ера” я намагаюся наладзіць працэс камунікавання сваіх навучэнцаў так, каб незалежна ад узросту і вопыту сцэнічнай працы, сяброўства ўсе ўдзельнікі калектыву дабразычліва ставіліся адзін да аднаго.

Выпускнікі студыі прыходзяць падтрымаць дзеючы састаў на конкурсах і фестывалях, падчас працы над новым спектаклям дапамагаюць у пастановачным працэсе,  ладзяць сумесны культурна-спартыўны адпачынак. Усё гэта ім дазваляе адчуваць сябе часткай аднаго аб’яднання, ганарыцца поспехамі і радавацца перамогам сваіх таварышаў.

Практыка паказвае, што такі падыход да выхавання калектыўнай адказнасці выхоўвае ў дзяцей рысы чалавека з грамадскай пазіцыяй: павагу да сваёй і чужой працы, пачуццё адказнасці за агульную справу, гонар за якасны  рэзультат, жаданне быць карысным.

Важна, каб дзеці ставіліся і да ўдзельнікаў іншых каллектываў, асабліва падчас творчых конкурсаў, не як да канкурэнтаў, а як да калег і магчымых партнёраў па сцэнічнай пляцоўцы. У сувязі з гэтым узнікае яшчэ адно пытанне: –  аб’ектыўная ацэнка кожным навучэнцам сваіх магчымасцей і здольнасцей, стымуляцыя жадання самаразвіцця дзеля дасягнення высокіх вынікаў у калектыўнай творчасці.

Маральна-этычныя пытанні ўзнікаюць у жыцці чалавека з самага маленства, і чым сталей ён становіцца, тым больш яны ўскладняюцца і паглыбляюцца.  Як не толькі адказаць на гэтыя пытанні, але і даць магчымасць дзецям самім знайсці правільныя адказы, якія будуць падмацаваны іх эмацыянальнымі перажываннямі і ўласным вопытам?

Тэатральная дзейнасць дае такую магчымасць. Навучанне акцёрскаму майстэрству адбываецца праз выкананне пэўных  практыкаванняў (трэнінга) і падрыхтоўкі навучэнцамі эцюдаў (невялікіх акцёрскіх сцэнак-замалёвак на зададзеную тэму).  Тэмай для эцюдаў варта абіраць сітуацыі, якія ў дадзены момант хвалююць навучэнцаў. Канфліктныя сітуацыі, якія  здараюцца паміж дзецьмі, можна “праіграць” у розных варыянтах з рознымі “прапанаванымі абставінамі”. Таксама мэтазгодна змяніць ролі ўдзельнікаў канфлікту на супрацьлеглыя, а потым калектыўна абмеркаваць паводзіны герояў, абставіны, якія прывялі да такіх падзей. Эцюды, якія ставяць перад навучэнцамі задачу не даводзіць сітуацыю дя канфлікту, дапамагаюць замацоўць пазітыўныя вынікі абмеркаванняў. Такі вопыт дазваляе навучэнцам эмацыйна абстрагавацца ад падзей і больш крытычна ацэньваць свае паводзіны,  знаходзіць больш рацыянальныя варыянты вырашэння канфлікту.

Яшчэ адной формай  духоўна-маральнага выхавання сродкамі тэатральнай дзейнасці не толькі ўдзельнікаў тэатральнага калектыву, але і гледачоў  з’яўляецца спектакль. Падчас працы над сцэнічным матэрыялам, трэба вялікую ўвагу ўдзяліць літаратурнай аснове будучага спектакля. Спецыфіка дзіцячага тэатральнага калектыву патрабуе, каб сцэнічны матэрыял адпавядаў узросту ўдзельнікаў, хваляваў і цікавіў іх, быў адпаведнага мастацкага ўзроўню і самае галоўнае, каб у яго аснове ляжала павучальная гісторыя і добра акрэслены канфлікт. Для юных артыстаў і гледачоў больш зразумелымі з’яляюцца гісторыі, у якіх дабро і зло вельмі выразна праяўлены, але выбар паміж імі зрабіць не так ужо і проста. Чым трэба жыць: пачуццямі палкага Сэрца ці разважаннямі халоднага Розуму? Аб гэтым студыйцы прапанавалі паразважаць гледачам у спектаклі “Гісторыя адной нязгоды” па п’есе Вольгі Гапеевай. Як адчуваюць сябе кінутыя на вуліцы хатнія жывёлы, і што ім выпадае перажыць распавядала пастаноўка “Гісторыя двух сабак” па п’есе Ягора Конева.  Ці варта зрабіць дабро адной няшчаснай істоте, каб самому  стаць шчаслівым? На гэта пытанне студыйцы адказвалі спектаклем “Кветка для анёла” па п’есе Ігара Сідарука.

Доўгі час наш  калектыў прымаў удзел у тэатральным конкурсе, галоўнай мэтай якога была папулярызацыя беларускай драматургіі. Абранне п’есы для чарговай пастаноўкі выклікала значную цяжкасць, таму прыйшло рашэнне пачаць пісаць п’есы самой.  Першы вопыт – спектакль “Ідэальныя людзі” распавядаў пра хлопчыка з абмежаванымі магчымасцямі, які вельмі жадаў патрапіць за кулісы цырка і стаць артыстам, бо з боку глядзельнай залы гімнастка, асілак, клоун і фокуснік падаваліся яму бездакорнымі, усемагутнымі героямі, падобнымі да антычных багоў. Але больш блізкае знаёмства расчаравала яго, бо высветлілася, што гэта самыя звычайны людзі са сваімі жахамі, хваробамі і не заўсёды ветлівым характарам.

 

Хлопчык: Я лічыў іх ідэальнымі! Падобнымі да алімпійскіх багоў! А яны не такія! Яны яшчэ горшыя! Яны падманшчыкі! Яны таксама, як і ўсе: хварэюць, баяцца, крычаць адзін на аднаго.

Мама: Яны ўсяго толькі людзі, простыя людзі. Не трэба ад іх патрабаваць і чакаць  чагосьці незвычайнага. Яны ж не вінныя ў тым, што ў цябе вельмі багатая фантазія. Час старажытнагрэчаскіх багоў і герояў даўно мінуў, на зямлі засталіся толькі людзі.

 

Але далейшыя зносіны з імі, факты іх жыцця даюць яму падставу прыйсці да высновы, што гэтая іх неідэальнасць і робіць іх ідэальнымі людзьмі таму,  што яны змагаюцца з усімі цяжкасцямі, якія выпалі на іх долю і не даюць абставінам сябе скарыць. Гэта адкрыццё дазваляе хлопчыку зразумець, што і ён мае шанец на здзяйсненне сваёй  мары. Студыйцы з натхненнем працавалі над першай спецыяльна для іх напісаннай п’есай. Прыйшлося асвоіць жангляж, акрабатычныя элементы, фокусы. Дарэчы, ролю фокусніка выконваў хлопец, які заікаўся. Каб схаваць гэты дыфект, персанаж зрабілі нямым, але толькі напрыканцы спектакля гледачы звярнулі на гэта ўвагу. Невербальныя сродкі камунікавання персанажа рабілі непрыкметным адсутнасць тэкста. У выніку юны артыст  за сваю працу атрымаў  “прыз за лепшую мужчынскую роль другога плана”.

У спектаклі “Пра мужыка, які на неба лазіў” моцна гучала пытанне свайго і чужога.  У форме прытчы мы распавядалі аб тым, што ў кожнага чалавека на небе ёсць свая зорка, але што будзе, калі дастаць з неба чужую зорку? Што атрымаецца, калі згубіць тую зорку, якая сама прыляцела табе ў рукі? І ці ёсць шанец выправіць свае памылкі? У гэтым спектаклі студыйцы мелі ўжо магчымасць замовіць сабе ролі, характары, ці эмацыянальны стан, які  яны жадалі б увасобіць на сцэне. Адзін з артыстаў скарыстаўся такой магчымасцю і пажадаў ролю адмоўнага персанажа. Спецыяльна для яго была напісана роля злодзея: зухаватага хлопца,  які больш праз несуйцішны нораў, чым ад злога намеру здзяйсняў свае “вычыны”, але ўжо ў другой частцы спектакля ўсё тое, што здавалася яму жартам і гульнёй, прывялі да такіх наступстваў, якія прымусілі яго моцна пакаяцца і змяніць жыццё.  Мэта, пастаўленая перад выканаўцам ролі злодзея Халімона, – данесці да гледача, што за злачынства заўсёды будзе расплата і што падчас нашы самыя легкадумныя ўчынкі маюць самыя непрадказальныя наступствы.  Фінал спектаклю – малітва галоўнага героя, дарэчы, былога анёла,  не толькі за герояў спектакля, а за ўсё чалавецтва.

 

Мужык: Дзякуй табе, Божа! За тваю літасць. Зямное жыццё заблытанае, складанае. Пакуль я яшчэ магу прасіць, прашу цябе зрабі так, каб у зямным жыцці было менш гора.

Выходзяць па чарзе ўсе героі п’есы

Дай ім святло, каб яны ведалі свой шлях. Адчыні ім сэрца, каб яны маглі напоўніць яго дабром. Зрабі душу іх шырокай і шчодрай, бо галоўнае багацце не ў грошах. Дай мудрасці прымаць тое, што ім пасылае лёс, не жадаць чужога і ісці сваім шляхам.

 

За абодва гэтыя спектаклі калектыў атрымаў галоўныя прызы конкурсу.

Гледачы не заставаліся абыякавымі да падзей спектакляў, абмяркоўвалі ўбачаннае, падчас падыходзілі пасля прадстаўлення, каб падзякаваць і падзяліцца сваімі ўражаннямі. А гэта значыць, што яны эмацыянальна перажывалі тое, што адбывалася на сцэне, думалі пра гэта і рабілі для сябе высновы. Эмацыянальнае далучэнне гледача да працэсаў, якія адбываюцца на сцэне,  выклік яго на суперажыванне станоўчым героям і абурэнне ўчынкамі адмоўных персанажаў – усё гэта дае станоўчы рэзультат у пошуках  падлеткамі адказаў на маральна-этычныя пытанні.

Эмацыянальнае ўздзеянне, як інструмент духоўна-маральнага выхаваня,  можна скарыстоўваць у грамадска-патрыятычным выхаванні дзяцей і падлеткаў. Вельмі вялікае эмацыянальнае ўздзеянне на гледача ствараюць літаратурна-музычныя кампазіцыі, у якіх у спалучэнні якаснай літаратуры, музыкі і мастацкага слова распавядаецца аб гістарычных падзеях, славутых земляках, духоўнай і прыроднай спадчыне. Вершы і празаічныя аповеды пра мужнасць герояў Брэсцкай крэпасці ці пра трагедыю Хатыні дазваляюць не толькі пазнаёміць маладое пакаленне з гэтымі падзеямі,  але і далучыць іх да калектыўнай памяці нашага народа. Расповеды пра жыццё і дзейнасць Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Марка Шагала, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і іншых далучаюць дзяцей і моладзь да айчыннай культуры  і мастацтва.

Мэта духоўна-маральнага выхавання – навучыць падлетка абіраць для сябе тыя каштоўнасці,  якія маюць аб’ектыўную карысць для яго самога і для грамадства.  Як кіраўнік аб’яднання па інтарэсах, я вельмі часта рэкамендую сваім выхаванцам прагляды спектакляў знакамітых замежных і айчынных тэатраў. Легендарныя пастаноўкі мінулых часоў дазваляюць пазнаёміцца з сусветным тэатральным  вопытам, творчасцю майстраў сцэны. Калектыўнае абмеркаванне такіх самастойных праглядаў на наступных занятках дазваляе навучэнцам выказаць свае ўражанні, далучыцца да сусветнай і айчыннай тэатральнай спадчыны і знайсці крыніцы натхнення для наступнай  працы.

Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі – працэс няспынны і шматбаковы. Усе ўдзельнікі гэтага працэсу: педагогі, бацькі і дзеці – на працягу гэта шляху павінны быць разам, няспынна ўзбагачаць адзін аднаго сваімі ведамі, сваёй творчасцю, сваімі адносінамі да акаляючага сусвету, самаразвівацца і імкнуцца да духоўнага самаабагачэння.

 

 

 

metodist
Кабинет педагогического опыта и сетевых ресурсов

День 5. Методическая неделя Дворца

https://docs.google.com/document/d/e/2PACX-1vSo_7BcOMq6gSnKsZkUO44Lrk1N2-7pBWSxLkacdrHH-dlCFZg2E6c_AL5X8Uj8mQ/pub

День 4. Методическая неделя Дворца

https://docs.google.com/document/d/e/2PACX-1vTT9fjkHUjYyaNAPLWLM8-y6KIpobHESQM8hXrb0FajGKn2zuvbMhfMgTRt1s3N4Q/pub

День 3. Методическая неделя Дворца

https://docs.google.com/document/d/e/2PACX-1vTijOrx5xi4UxcLwztFUwDuq8JpjAGrFNw-ha_5xZTCeQvO25KRvNbLeI4Lu7MuYQ/pub    
- - -

День 5. Методическая неделя Дворца

https://docs.google.com/document/d/e/2PACX-1vSo_7BcOMq6gSnKsZkUO44Lrk1N2-7pBWSxLkacdrHH-dlCFZg2E6c_AL5X8Uj8mQ/pub

День 4. Методическая неделя Дворца

https://docs.google.com/document/d/e/2PACX-1vTT9fjkHUjYyaNAPLWLM8-y6KIpobHESQM8hXrb0FajGKn2zuvbMhfMgTRt1s3N4Q/pub
- - -

Вам также может понравитьсяСВЯЗАННЫЕ СТАТЬИ
Рекомендуется для вас