УПРАЎЛЕННЕ ПА АДУКАЦЫІ АДМІНІСТРАЦЫІ ЗАВОДСКАГА РАЁНА Г. МІНСКА ДЗЯРЖАЎНАЯ УСТАНОВА АДУКАЦЫІ

“ПАЛАЦ ДЗЯЦЕЙ І МОЛАДЗІ “АРЫЁН” Г. МІНСКА”

ПЛАН-КАНСПЕКТ ЗАНЯТКА:

 ВІРТУАЛЬНАЯ ЭКСКУРСІЯ Ў МУЗЕЙ “ЛЕКСІКА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ”

    Распрацоўшчык: Цыбуля Ала Аляксандраўна,  педагог дадатковай адукацыі,   кіраўнік аб’яднання па інтарэсах  “Акадэмія роднай мовы” 

 

МІНСК, 2019

План-канспект вучэбнага занятка ў аб’яднанні па інтарэсах

“Акадэмія роднай мовы”

Раздзел: Лексікалогія.Фразеалогія

Узрост вучняў: 14-15 гадоў.

Год навучання: 1 (першы)

Тэма:  Віртуальная экскурсія ў музей “Лексіка беларускай мовы”

Мэта: сістэматызацыя ведаў вучняў аб  лексіцы беларускай мовы праз віртуальную экскурсію.

Задачы:

  • замацаваць раней набытыя веды вучняў аб лексіцы беларускай мовы;
  • развіваць лагічнае мысленне вучняў, уменне абгрунтаваць сваё меркаванне;
  • развіваць творчыя здольнасці;
  • папаўняць лексічны запас вучняў;
  • развіваць камунікатыўныя здольнасці;
  • спрыяць выхаванню маўленчай культуры вучняў.

Тып занятка: камбінаваны.

Форма работы: групавая, індывідуальная.

Форма правядзення занятка: віртуальная экскурсія.  

Метады навучання: славесны,   наглядны, практычны.

Абсталяванне: кампьютар,  праектар, мультымедыйная прэзентацыя, раздатачны матэрыял.

Ход заняткаў

І. Арганізацыйны момант.

ІІ. Настрой вучняў на работу.

Уступнае слова педагога. Добры дзень, дарагія вучні, паважаныя  калегі! Сёння мы з вамі адправімся на экскурсію ў цудоўны музей, у якім сабрана ўся інфармацыя аб лексічным складзе нашай мовы, спеўнай, мілагучнай. Музей гэты называецца “Лексіка беларускай мовы”.  Мы пройдземся па выставачных яго залах, падзівімся на багацце нашага слоўнікавага запасу, на разнастайнасць, шматграннасць і непаўторнасць яе форм ўжывання і ўтварэння. Дапамагаць мне падчас  наведвання гэтага незвычайнага музея  будуць тры маладыя тэарэтыкі Акрамя гэтага, падчас экскурсіі будуць працаваць практыкі і зробяць сваё кампетэнтнае заключэнне эксперты – гэта нашы госці.

Ну што, адпраўляемся?

ІІІ. Абагульненне пройдзенага матэрыялу (праводзіцца ў форме віртуальнай экскурсіі з выкананнем заданняў).

Паважаныя сябры, мы знаходзімся з вамі на першым паверсе музея “Лексіка беларускай мовы”. Заснаваны музей зусім нядаўна, але ў ім сабраны ўнікальныя экзэмпляры, якія дапамогуць адчуць усю значнасць беларускага слова, яго адметнасць і сілу ўздзеяння.

Падымаемся па прыступках на другі паверх у залу, якая называецца  “Гісторыя Лексікі”.

Слова перадаю Руслане, якая нагадае нам аб гісторыі станаўлення беларускай лексікі. Калі ласка.

Вучаніца.  Добры дзень, паважаныя сябры!

Спрадвечная лексіка складаецца з чатырох пластоў слоў:

1) індаеўрапейскія словы (самыя старажытныя, ≈ III–I тыс. да н.э.). Абазначалі жыццёва важныя прадметы жывой і нежывой прыроды: Бог, душа, вера, неба, вечар, зіма, дзень, маці, брат, дзед, сын, воўк, зерне, мёд, соль, салома, балота, гарэць, драмаць, есці; лічэбнікі два, тры, сто; займеннікі вы, сам, ты і мн. інш.;

2) агульнаславянскія (праславянскія) словы ≈ II тыс. да н.э. – I тыс. н.э.): дзіця, бабка, сірата, удава, заяц, бык, конь, лебедзь, крыўда, ласка, праўда; назвы прадуктаў харчавання: блін, піва, сала, квас, каша, масла, крупа, дрожджы і інш.; ваенныя тэрміны: абарона, бой, вайна, дружына, кап’ё, лук, полк, страла і інш.; колеры: белы, жоўты, зялёны, русы, рыжы, светлы, чорны, сіні і інш. Пласт агульнаславянскай лексікі хоць і нешматлікі (≈ 2000 слоў), але з’яўляецца ядром слоўніка кожнай славянскай мовы;

3) агульнаўсходнеславянскія словы (VІІІ – ХІІІ стст.): сям’я, ваявода, дань, воласць, выкуп, пастух, бондар, знахар, мельнік, селянін, клык, жаваранак, снягір, грэчка, качарга, лыжка, сарочка, рэпа, адзінаццаць, дванаццаць, дзевяноста і інш.;

4) уласнабеларускія словы (ХІV – ХVІІ стст.): асілак, вадзянік, вайсковец, араты, працаўнік, вясковец, сейбіт; бусел, берасцянка, алешнік, ваўчкі, заранка, вясёлка, надвор’е, золак, світанне, спёка, цемра, сакавік, красавік; спадніца, хустка, абрус; дранікі, зацірка; пакута, пяшчота, хвароба, байка, выказнік, дзейнік і інш. Менавіта ўласнабеларускія словы складаюць нацыянальную спецыфіку лексічнай сістэмы нашай мовы.

Да запазычаных адносяцца словы іншамоўнага паходжання, якія ў выніку семантычнага і фанетыка-марфалагічнага асваення зрабіліся лексічнымі адзінкамі беларускай мовы. Выдзяляюцца дзве вялікія групы запазычаных слоў:

   Запазычаныя са славянскіх моў і з неславянскіх.

Са славянскіх моў:

а) стараславянізмы (або царкоўнаславянізмы): вобраз, вочы, воблака, храбры, продак, раб, цвярдыня, уладыка, храм, чэсны, благаславенне і інш.;

б) з рускай мовы: ссылка, пераварот, забастоўка, подзвіг, гадавіна і інш.;

в) з украінскай мовы: бацькаўшчына, вербалоз, ежа, агортваць, боршч, прыкмета, заляцанне, хутар, варэнік, побыт, журыцца, галушка, забабоны, лунаць і інш.;

г) з польскай мовы: касцёл, скарб, вяндліна, відэлец, гузік, карысць, сродак, скарга, рахунак, гатунак, здрада, апека, сукенка, літасць, айчына, пісар, кабета, хлопец, шчыры, дранцвець і інш.;

д) з чэшскай мовы адзінкавыя прыклады: калготы, блакіт.

З неславянскіх моў:

а) балтызмы (літоўскія і латышскія словы): жвір, пуня, клуня, свіран, коўш, бурбалка, клыпаць, жуда і інш.;

б) цюркізмы (пераважна з татарскай мовы). Пачалі пранікаць у мову ўсходніх славян яшчэ ў старажытныя часы з мовы цюркскіх плямёнаў, што рабілі набегі на землі славян: арда, баран, калчан, сарафан, балван, балда, лафа (салдацкае жалаванне; выгода), атаман, кінжал, халва, плоў, айва, гарбуз, бархан, туман, буран, торба, чамадан і інш.;

в) грэцызмы трапілі ў нашу мову яшчэ ў старажытнасці ў сувязі з прыняццем хрысціянства. Пераважна гэта словы навукі, асветы, культуры, мастацтва, адукацыі: ікона, царква, алфавіт, арфаграфія, графіка, кафедра, бактэрыя, дыягназ, трахея, мікроб, іон, істэрыя, філалогія, лексіка, алебастр, акіян, кіт, дэльфін, эпоха, элегія, камедыя і інш.;

г) лацінізмы ў нашу мову прыйшлі праз польскую, чэшскую і іншыя заходнееўрапейскія мовы: каляндар, прафесія, доктар, літара, нацыя, тэкст, легенда, ангіна, вакцына, інфаркт, вірус, бацыла, біцэпс, імпульс, інстытут, лекцыя, глобус, экзамен, абітурыент, аратар і інш.;

д) германізмы: афіцэр, маўзер, лагер, штаб, фронт, фланг, алкаголь, бутэрброд, цукар, вафля, гальштук, партвейн, паштэт, бінт, аспірын, гантэлі, цэйтнот, гросмайстар, штраф і інш.;

е) галіцызмы (з французскай мовы): акардэон, баль, вальс, вернісаж, жанр, журы, раяль, бігудзі, памада, адэкалон, гарнітур, бра, вітрына, атэль, кавалер, какетка, камандор, гараж, кабіна, сапёр, баржа, міна, маршал, карабін, лікёр, кампот, марынад і інш.;

ё) англіцызмы: аўт, бокс, гандбол, футбол, клуб, трактар, мічман, снайпер, бар, піжама, плед, вельвет, джынсы, віскі, пунш, джэм, бекон, крэкер, кактэйль, кекс, джунглі, лідар, мітынг і інш.;

ж) італізмы: акорд, арыя, бас, флейта, опера, маэстра, карнавал, гірлянда, саната, палац, вермішэль, макарона, памідор, лаванда, інтанацыя, кар’ера, бандыт, фашызм і інш.;

з) з галандскай: бакен, баркас, боцман, канвой, марціра, дамкрат, брас, краб, апельсін і інш.;

і) з іспанскай: арлекін, балеро, гітара, румба, танга, самбрэра, какаін і інш.;

к) з фіна-ўгорскіх (фінскай, карэльскай, эстонскай, комі): кілька, навага, салака, сёмга, тундра, нарты, сані і інш.;

л) з кітайскай: чай, жэньшэнь;

м) з японскай: івасі, соя, кімано, самурай, цунамі, каратэ, дзюдо і інш.

Педагог. Пранікненне іншамоўных слоў – з’ява заканамерная для любой мовы. Гэта вынік палітычных, гандлёвых, эканамічных і культурных сувязей, цесных моўных кантактаў народаў свету. Запазычанні не парушаюць нацыянальнай самабытнасці беларускай мовы, яны ўзбагачаюць яе лексічную сістэму.

Ну, а зараз, выканаем заданне на картках (індывідуальная работа):

Заданне: Падбярыце да запазычаных слоў спрадвечныя беларускія

1 картка

Альянс, аналогія, аргумент, бар’ер, фальш, ваяж, дэкада, каментарый, кантракт,дэманстрацыя.

Словы для даведкі: аб’яднанне, доказ, перашкода, падман, падабенства,

дзесяцідзёнка, тлумачэнне, падарожжа, дагавор,паказ.

2 картка

Фантазія, абзац, дэфект, дыспут, антракт, антракт, галкіпер, аратар, аналіз, дэманстрацыя.

Словы для даведкі: уяўленне, недахоп, спрэчка, перапынак, чырвоны радок,

варатар, прамоўца, разбор, паказ.

1 картка

Адказы: Альянс – аб’яднанне, аналогія – падабенства, аргумент – доказ, бар’ер – перашкода, фальш – падман, ваяж –падарожжа, дэкада – дзесяцідзёнка, каментарый –  тлумачэнне, кантракт – дагавор,дэманстрацыя –паказ.

 2 картка

Адказы:  Фантазія– уяўленне, абзац– чырвоны радок, дэфект – недахоп, дыспут – спрэчка,антракт – перапынак, галкіпер — варатар, аратар — прамоўца, аналіз— разбор, дэманстрацыя — паказ.

 

Педагог:  Цудоўна справіліся з заданнем. Накіроўваемся ў наступную залу.  У гэтай  зале  прадстаўлена славянская група слоў, у якую ўваходзяць 3 (тры) падгрупы: усходнеславянская, заходнеславянская і паўднёваславянская.

Як вы бачыце, наша мова ўваходзіць ва ўсходнеславянскую групу, якая, у сваю чаргу,  складаецца з трох моў: рускай, украінскай і беларускай. Мовы дастаткова зразумелыя, але ёсць і свае асаблівасці. Давайце прачытаем адны і тыя ж словы на трох мовах усходнеславянскай групы:

(Вучні зачытваюць словы)

 

Беларуская мова: дрэва, белый, лес, цяжкі, піць, спаць

Руская мова: дерево, белый, лес, тяжёлый, пить, спать

Украінская мова: дерево, білий, ліс, тяжкий, пити, спати,

 

Беларуская мова: Сват, дзіця, брат, вока, зуб, кроў

Руская мова: Сват, дитя, брат, око, зуб, кровь

Украінская мова: Сват, дитя, брат, око, зуб, кров

         Педагог. Паважаныя сябры, пераходзім у наступную залу. У зале размешчаны выказванні беларускіх паэтаў і пісьменнікаў аб мове.  Максім Танк, як бы прадбачваючы наша падарожжа ў лексічны склад мовы, пісаў:

“А гэта – вандроўка праз сёлы,

Праз край мой шырокі, вясёлы,

Бясконцыя нівы, дубровы –

У маю беларускую мову.

 

І я перадаю слова юнаму тэарэтыку Яне Бузюк. Калі ласка.

Яна. У гэтай зале прадстаўлена лексіка паводле сферы ўжывання і па частотнасці ўжывання.

Паводле сферы ўжывання яна падзяляецца на дзве падгрупы: агульнаўжывальную і абмежаванага ўжывання.

Агульнаўжывальная лексіка – зразумелая ўсім людзям, якія лічаць беларускую мову роднай мовай: хлеб, вада, працаваць, свядомы, вясёлы і інш.

Лексіка абмежаванага ўжывання –  словы, зразумелыя пэўнай групе людзей. У гэту падгрупу ўваходзяць такія вялікія пласты як

дыялектная (зразумелая на пэўнай тэрыторыі) – буцян (бусел), кубачак (кружка, конаўка) і інш.,

жаргонная (зразумелая пэўнай спецыяльнай групе) – шпора (шпаргалка), бабкі (грошы), пяро (нож) і інш.,

спецыяльная (зразумелая прадстаўнікам навукі, прафесіі), якая ў сваю чаргу дзеліцца на дзве галіны: тэрміны (навуковыя назвы) – суфікс, мерыдыян і прафесіяналізмы (у гутарковай мове) – рубанак–гарбач, зензубел (рубанак).

Пройдзем далей. Вашай увазе прадстаўлена лексіка па частаце ўжывання.   Як вы ўжо заўважылі, лексіка па частаце ўжывання падзяляецца на дзве часткі:

актыўная (словы шырокага выкарыстання менавіта цяпер) – чалавек, настаўнік, прыгожы, маляваць і інш., і

пасіўная (словы, якія выкарыстоўваюцца рэдка або малавядомыя) – ваяр, кальчуга, ратнік і інш. Гэта дастаткова вялікі пласт лексікі, у якім вылучаюць дзве падгрупы: устарэлыя (словы існавалі, але зніклі з ужытку). Іх называюць  гістарызмамі (назвы прадметаў, з’яў, што зніклі зусім) – мушкет, гарадавы, сажань і інш. і архаізмы (даўнейшыя назвы цяперашніх прадметаў) – ратнік (воін), асадка (ручка) і інш. Гэта група слоў не папаўняецца. Але ёсць яшчэ адна група, якая адносіцца да пасіўнай лексікі – неалагізмы  (новыя словы, якія ўзніклі зусім нядаўна) – правадыр, брыфінг і інш. Яны ўжываюцца не вельмі актыўна, таму і адносяцца да данай групы слоў.

Педагог.  Дзякуй. А зараз – заданне.

 

  1. Вызначце, да якога тыпу паводле ўжывання адносіцца слова. Патлумачце выбар.

Філон, рубанак, зубрыць, хвост, галень, драч, маўчацьмеш,

дамушнік, папса, бабашка, хаза, ныга, хоцьму, дажджуха, краснюк, завязаць, замятуха.

  1. 2. Выпішыце спачатку гістарызмы, затым архаізмы. Падбярыце да іх сучасныя адпаведнікі.

Ураднік, працадзень, чырвонаармеец, каптур, дзіда, скрыжалі, бранзалеты, лікбез, баярын, аброк, лемантар, атрамант, ланіты, уста, калчан, чало, дойлід, аканом, калітка, нэп, сеча.

  1. Выпішыце неалагізмы, растлумачце іх.

Стаханавец, біёніка, касмадром, рызаграфія, камп’ютар, галаграфія, губерня, аўтабан, спадарожнік, мануфактура, акванаўт, аэраджып, маніторынг, маркетынг, дысплей, імідж, гала-канцэрт, іспыты, дызайн.

 

Педагог. Данута Бічэль-Загнетава ў вершы “Слова” з болем гаворыць аб назаўсёды страчаных словах, якімі карысталіся нашы продкі:

(Педагог  чытае верш Д. Бічэль- Загнетавай “Словы”, які складаецца з устарэлых слоў):

 

СЛОВА

Разбіваецца слова

аб прастору,

як птушка:

пранік, церніца, прасніца,

матавіла, барташка,

апалушкі, пярэтычкі,

дылі, білы, сявенькі…

Колькі слоў паўмірала –

Бабулек сівенькіх.

Данута Бічэль-Загнетава

Педагог. Малайцы, справіліся з заданнем і гэта дае нам права перайсці ў наступную залу. Кожнае слова нясе на сабе пэўнае значэнне і гэта значэнне называецца лексічным.

Лексічнае значэнне слова – гэта ўнутраны, рэальны змест слова. Адрозніваюць два асноўныя тыпы лексічных значэнняў слова: прамое і пераноснае. 

Я прадастаўляю слова нашаму тэарэтыку. Віка , калі ласка!

 

Вучаніца. Прамое значэнне – гэта першаснае, зыходнае значэнне слова, якое непасрэдна паказвае на прадмет, дзеянне, якасць і замацавалася за ім як асноўнае. Так, у сказе:  На гэтых прасторах рос густы і незвычайна высокі чарот (Колас) усе словы ўжываюцца ў прамым значэнні.

 Пераносным называецца такое значэнне, якое развіваецца ў выніку пераносу назвы з аднаго прадмета, дзеяння, з’явы, працэсу на іншыя, чым-небудзь падобныя. Такое значэнне слова набывае пры свядомым вобразным яго ўжыванні, напрыклад: усміхацца 

1) выражаць усмешкай радасць, задаволенасць, іронію, пагарду і пад. Маці дабрадушна ўсміхаеццаі ледзь паспявае адказваць( Васілевіч);

2) перан. Я адзін пайшоў дарогай

І, не гледзячы на месяц,

 Што халодна ўсміхаўся,

 Пра яе [дзяўчыну] з тугой нязвыклай

Думаў так і думаў гэтак(Панчанка).

У мове твораў мастацкай літаратуры ўжыванне слоў з пераносным значэннем – яркі сродак стварэння вобразнасці і маляўнічасці апавядання.

Мнагазначнасць узнікае:

  • на аснове падабенства: крыло птушкі – крыло самалета, язык полымя, язык жывелы;
  • пры пераносе назвы прадмета на матэрыял: алмаз – камень, алмаз – прылада для працы;
  • пры пераносе назвы дзеяння на яго вынік: пачаўся дыктант – праверыў дыктант;
  • імя аўтара на яго твор: раман Быкава – чытаць Быкава;
  • назвы памяшкання на тых, хто ў ім знаходзіцца: вялікая аўдыторыя – аўдыторыя слухала ўважліва;
  • пры пераносе нейкай уласцівасці на таго, хто ёю валодае: мець прыгожы тэнар – тэнар заспяваў.

 

Педагог.  Ну а зараз – заданне:

  1. Адзначце словазлучэнні, ужытыя ў пераносным значэнні.

а) мяккі дакор;                                    к) мяккая канапа;

б) цвердае слова;                                л) сухі адказ;

в) востры нож;                                    м) шапка снегу;

г) глыбокая думка;                             н) гняздо ластаўкі;

д) корань зла;                                      о) дыетычны стол;

е) востры позірк;                                п) бура пачуццяў;

ж) глыбокі калодзеж;                         р)  густы кісель;

з) чэрпаць веды;                                  с)  глухі куток;

і) мяккі намек;                                     т)  паляўнічы нож

 АДКАЗЫ.

Педагог.  Цудоўна справіліся з заданнем. Малайцы. Утаміліся хадзіць па залах нашага музея? Трошкі адпачнём. А дапаможа нам невялікая фізкультхвілінка для вачэй:

 

                 (Фізкультхвілінка)

 

Педагог. Адпачылі трошкі? З новымі сіламі пераходзім у наступную залу. Яна адрасуецца словам-амонімам. У мяне да вас пытанне.

  1. 1. Чым амонімы адрозніваюцца ад мнагазначных? Адна часціна мовы, аднолькава гучаць. Аднолькава пішуцца. У чым розніца?

Адказ:  Мнагазначнае слова абазначае з’явы, прадмет, дзеянні ў нечым падобныя. Напрыклад,  ідзе чалавек, ідзе час.

 

Словы-амонімы — з’явы, якія не маюць паміж сабой нічога агульнага. Напрыклад, аўсянка (птушка), аўсянка (каша).

На занятках мы вучыліся адрозніваць амафоны, амаформы, амографы, паронімы. Давайце ўзгадаем. Руслана, калі ласка.  

 

Вучаніца.

Амафоны – аднолькава вымаўляюцца, але па-рознаму пішуцца: род-рот, каска — казка.

Амографы – аднолькава пішуцца, але па-рознаму вымаўляюцца: кара – караатлас – атлас.

Амаформы – супадаюць толькі ў адной форме: лячу (ляцець) – лячу (лячыць), соты (ячэйка) – соты (парадкавы лічэбнік).

Педагог. Дзякуй Руслана. Давайце выканаем невялічкае заданне.

 

Заданне. Назавіце словы-амонімы па лексічным значэнні

1 картка

“Хімічны элемент”,   “стары густы сасновы лес”

“ Кветка”,   “імя хлопчыка”

                                             2 картка

“Адшліфаванае шкло, здольнае даваць адбіткі прадметаў”,   “падвясны асвятляльны прыбор”

  “ Снарад з выбуховым рэчывам”,   “выраз твару”.

 Адказы.

Вучаніца.    З  групай амонімаў цесна звязаны паронімы.

Пераходзім у наступную залу і ўзгадаем, што гэта за словы.

Паронімы – толькі падобныя па гучанні: дыпламат ( супрацоўнік міністэрства замежных спраў) і дыпламант (узнагароджаны на конкурсе дыпломам) –  не адно і тое ж, хоць і паходзяць ад аднаго кораня, як і размоўная форма дыпломнік ( той, хто рыхтуецца абараняць дыпломную работу). Дыпламат, дыпламант, дыпломнікпаронімы. (Чытаюцца паранимічныя рады на карцінах). Калі ласка, пераходзім у наступную залу.

 

Педагог. Ці заўважалі вы, што ў некаторых сем’ях усе дзеці падобныя адзін на аднаго, а ў другіх наадварот розныя? Адны сябруюць, а  другія спрачаюцца.  Падумайце,  як  будуць называцца наступныя залы? Так. “Сінонімы” і “Антонімы”  Калі ласка, пераходзім у наступную залу.

 

Сінонімы –  словы, якія абазначаюць адно і тое ж паняцце, але пішуцца і вымаўляюцца па-рознаму. Шмат слоў, якія абазначаюць адно і тое ж паняцце утвараюць сінанімічныя рады: акружыць , абступіць, ачапіць, аблажыць, блакіраваць; асілак, сілач, волат, атлет, здаравяк, здаравіла, бугай.

Да сінонімаў блізкія словы эўфемізмы (ад грэчаскага – гавару ветліва). Іх узнікненне звязана з лексічным табу – забаронай. Першабытным людзям забаранялі ўжываць словы, якія абазначалі назвы багоў, духаў, смерць, розных хвароб, некаторых жывел.

 

Антонімы – словы з супрацьлеглым значэннем.

На карцінах прадстаўлены загадкаі якія ў поўнай меры раскрываюць сутнасць антонімаў:

Я антонім слова “лета”,                  Ён антонім слова “Смех”,

Футрам снежным я адзета,             Ён бывае мімаволі

Я люблю мароз сама,                   І ад гора, і ад болю,

І завуць мяне (зіма).                     Ад бяды і ад няўдач,

Хто такі ён? Гэта (плач).

Ніл Гілевіч слушна выказаў свае адносіны да беларускай мовы, выкарыстаўшы антонімы:

Я да цябе звяртаю слова:

Ты паглядзі на тых між нас,

Каму дзяржавы нашай мова –

Кусок руды, а не алмаз.

 

Як бачым: Сінонімы сябруюць адзін з адным, а Антонімы – спрачаюцца.

 

Заданне 1.   Падоўжы прыказку, падабраўшы антонімы

         1 картка

  1. Адною рукою дае, а дзвюма …
  2. Бацькаўшчыны не купляюць і не…
  3. Лепш адзін прыяцель, як дзесяць …
  4. Лета збірае, а…прадае.

2 картка

  1. Слухай многа, а гавары…
  2. Па адзенні сустракаюць, а па розуму …
  3. Дрэнны пачатак не к добраму ….
  4. Не ганьбуй старым ботам, пакуль … не пашыў .

 

                                   

Заданне “Рэдактар” (работа ў групах)

А зараз паспрабуйце пабыць  рэдактарамі.  Дарэчы, а што вы ведаеце пра гэтых людзей? (слова Стральцовай М. С).

У вас ёсць тэкст. Вам патрэбна дапоўніць падкрэсленыя словы словамі-сінонімамі (творчая работа).

Восень

Адышло лета. I неяк нячутна падкралася восень. Шалясціць залатым лісцем бяроз вецер. Трапечуцца агніста-чырвоныя макаўкі асін. Зацвілі сінія верасы. Зардзеліся чырвоныя гронкі рабіны. Пунсавеюць, гнуцца долу галінкі спелай каліны.

Сцелюцца  на зямлю аранжавыя, жоўтыя, чырвоныя, белыя пялёсткі апошніх кветак. У празрыстым паветры плывуць серабрыстыя павуцінкі. Над рэчкаю і лагчынамі паўзе сівы туман.

 

 

Восень

Адышло, адзвінела лета. І неяк нячутна, спакваля падкралася восень. Шалясціць  залатым лісцем бяроз вецер. Трапечуцца, дрыжаць агніста-чырвоныя макаўкі асін. Зацвілі, закрасавалі сінія верасы. Зардзеліся, зачырванелі чырвоныя гронкі рабіны. Пунсавеюць, гнуцца, сцелюцца долу галінкі спелай каліны.

Сцелюцца на зямлю аранжавыя, жоўтыя, чырвоныя, белыя пялёсткі апошніх, восеньскіх кветак. У празрыстым паветры плывуць серабрыстыя, тонкаструнныя  павуцінкі. Над рэчкаю і лагчынамі паўзе, насоўваецца  сівы туман.

 

Педагог. Вельмі добра. Малайцы. Вы цудоўна папрацавалі. А зараз я хачу вас запрасіць у цудоўную залу, якая называецца “Фразеалагізмы”. Кожны з нас выкарыстоўвае фразеалагічныя выразы ў паўсядзённым жыцці, сустракаецца з імі і на вуліцы, і ў транспарце, і на занятках. Без гэтых выразаў наша мова не была б такой мілагучнай, глыбокай, чароўнай.  Я перадаю слова тэарэтыку Яне.

 

Вучаніца. Фразеалагізмы – устойлівыя, узнаўляльныя, двухкампанентныя сінтаксічна непадзельныя адзінкі з цэласным значэннем.

Давайце разгледзім некаторыя з іх:

Прыказкі – устойлівыя спалучэнні, якія не ўступаюць у сказе ў сувязь з іншымі  словамі, па форме з’яўляюцца закончанай сінтаксічнай адзінкай – сказам.

Хто дбае, той і мае.

Чужое дабро бярэ за рабро.

Забілі зайца, не забілі, але ж, брат гуку нарабілі.

Бачыць вока далёка, а розум яшчэ далей.

Прымаўкі, як і прыказкі, падобныя да сказаў,  але вылучаюцца незавершанасцю:

Хоць сядзі і плач.

Пасля дожджычку ў чацвер.

Двум багам не служы.

Крылатыя выразы(афарызмы) – устойлівыя трапныя выслоўі выдатных дзеячай розных часоў; вызначаюцца глыбінёй думкі і лаканічнасцю:

Мой родны кут, як ты мне мілы! (Я. Колас).

Гуслям, княжа, не пішуць законаў. (Я. Купала).

Пад кола, жаба, не падлазь. Не можаш памагчы, дык лепей памаўчы (К. Крапіва).

Перыфразы – апісальныя назвы асобных прадметаў і з’яў, якія ўжываюцца замест слоў, што іх называюць:

Беларусь – край блакітных азёр.

Бульба – другі хлеб.

Лён – белы шоўк,

радзіма – зямля Бацькоў,

жаўранак – срэбраня званочак.

 

Педагог. Вялікі дзякуй. А зараз выконваем заданне.

 

Заданне 1. Да дадзеных фразеалагізмаў падбярыце сінанімічныя.

Вучаніца (на кампьютары). Абуваць у лапці, ездзіць на карку, куры не клююць, адстаўной казы барабаншчык, адвод вачэй, кляваць носам, хоць гаць гаці.

Для даведак: Абсевак у полі, дымавая заслона, адбою няма, абводзіць вакол пальца, віць вяроўкай, табаку важыць, на валовай скуры не спішаш, браць на арапа, хоць сцены ў хаце абклейвай, браць верх, пацёмкінская вёска, гульня ў ката і мышку, надзяваць хамут, вадзіць акунёў.

 

 Заданне 2. Падбярыце беларускія алпаведнікі да наступных рускіх фразеалагізмаў.

Вучаніца (на кампьютары).  Из уст в уста, несолоно хлебавши, из-под палки, как с гуся вода, кукиш с маслом, при царе Горохе, проще пареной репы, сидеть в печенках

Для даведкі. шылам патакі хапіўшы, з вуха на вуха, як шарварку адрабляць, і ні лыс Габрусь,  як абаранак з’есці,  за дзедам шведам, гула смаленая, у знакі дацца.

(Раздаю вучням карткі. Яны вучацца чытаць выказванні)

 

Заданне 3. Прачытайце наступныя беларускія літаратурныя афарызмы.

  1. 1. Мой родны кут, як ты мне мілы!..

(Я.Колас)

  1. Народа няма напалову —

Ён ёсць ці яго няма.

(В.Зуёнак)

  1. Найлепшая з нашых дарог –

Дарога дадому.

(П.Панчанка)

  1. Радзіма будзе жыць без мяне,

Мяне без Радзімы не будзе !

(Р.Барадулін)

  1. 5. Вякоў гісторыю нам пішуць дні.

(П.Трус)

  1. 6. Ёсць куток на зямлі:

Дзень адзін пражывеш –

Назаўсёды цябе зачаруе.

(М.Танк)

  1. 7. Жывеш, пакуль жывыя,

Хто нарадзіў цябе.

(В.Зуёнак)

  1. 8. Вось лад такі на гэтым свеце:

Адны ў пашане, тыя ў смецці

І век жывуць пад нейкім страхам,

Усе ж выйшлі ў жыцце адным шляхам.

(Я.Колас)

  1. 9. Верым, што лепшая частка жыцця –

Тая, якую пражыць збіраемся.

(Р.Барадулін)

  1. 10. Бяда і радасць ходзяць побач вечна,

Людзей ратуе толькі чалавечнасць.

(П.Панчанка)

  1. 11. Той дзень прапаў і страчаны навекі,

Калі ты не зрабіў таго, што мог.

(П.Панчанка)

 

Педагог. Цудоўна. Дзякую. Пераходзім у наступную залу. Усе нашы словы сабраны ў слоўніках. Дык вось, наша наступная зала знаёміць нас з тыпамі слоўнікаў.

Звярніце ўвагу на цэнтральную карціну. Навукоўцы  размежавалі ўсе слоўнікі на дзве вялікія групы – энцыклапедычныя і лінгвістычныя. У сваю чаргу энцыклапедычныя слоўнікі падзяляюцца на дзве падгрупы: агульныя і галіновыя.

Да агульных слоўнікаў адносяцца такія слоўнікі як “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (БелСэ) у 12-ці тамах (1969-1975) гадоў, “Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя” (КЭ БССР) у 5-ці тамах (1978 — 1981), “Беларуская энцыклапедыя ў 18 -ці тамах” (1996- 2004) і інш.

Да галіновых энцыклапедычных слоўнікаў адносяцца “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі” ў 5-ці тамах (1984 — 1987), “Энцыклапедыя прыроды Беларусі” ў 5-ці тамах (1983-1986), “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” ў 6-ці тамах (1993 — 2003) і інш.

У наступнай зале размешчаны лінгвістычныя слоўнікі. Давайце пазнаёмімся і з імі.

Гэта ўсе перакладныя слоўнікі, тлумачальныя, фразеалагічныя, арфаграфічныя, дыялектныя, слоўнікі іншамоўных слоў, слоўнікі амонімаў, антонімаў, сінонімаў і г.д.

  1. IV. Падвядзенне вынікаў.

Сінквейн

  1. Як называецца навука, якая вывучае лексічны запас слоў?

 (1 назоўнік) Лексікалогія

  1. Што вам найбольш запомнілася падчас экскурсіі?

(2 прыметнікі) Адметнасць, непаўторнасць

  1. Для чаго мы вывучаем слоўнікавы запас беларускай мовы?

(3 дзеясловы або дзеепрыслоўе) Размаўляць, ведаць,  выкарыстоўваць

  1. Ці змяніліся вышы адносіны да беларускай мовы?

(Сказ з чатырох слоў, якія выражаюць вашы адносіны да беларускай слова). Я зацікавіўся беларускім словам.

  1. Якое б слова вы прымянілі ў адносінах да беларускай лексікі пасля наведвання музея лексікі? Багацце.

 

Рэфлексія.

Педагог. Паважаныя вучні і госці!  Экскурсія па музею “Лексіка” завершана. Мы шмат што ўзгадалі, шмат аб чым даведаліся, шмат выканалі заданняў.  Перш чым развітацца, я папрашу вас выразіць свае адносіны да нашай экскурсіі. На дошцы размешчаны астравы: “Шчасця”, “Смутку”, “Пасіўнасці”, “Нечаканасці”, “Праблемны”, “Актыўнасці”, “Цяжкасці” і “Творчасці”. Я запрашаю ўзысці на борт сваіх лайнераў і адправіцца на  той востраў, які найбольш адпавядаў вашаму настрою на занятку.

(Вучні прымацоўваюць свае караблікі да астравоў,

а настаўнік чытае верш С. Грахоўскага “Словы”)

 

  С. Грахоўскі “Словы”

 

Над намі словы ўладараць,
Мы чуем і гаворым  іх,
Яны то здружаць, то пасвараць
Сяброў і ворагаў маіх.
Бо словы розныя бываюць.
Адны – агню стрымаюць шквал,
Другія словы забіваюць
Усё жывое напавал.

Ад слова сэрца халадзее,
Праходзіць сон і забыццё,
Ад слова рушацца надзеі,
Ад слова свеціцца жыццё.
Ад слова вырастаюць крылы,
А ў сэрцы стукае любоў,
Ад слова прыбываюць сілы,
Дык не шкадуйце  шчырых  слоў!

Дзякуй за працу!

ДАДАТАК 1

Заданне: Падбярыце да запазычаных слоў спрадвечная беларускія

1 картка

Альянс, аналогія, аргумент, бар’ер, фальш, ваяж, дэкада, каментарый, кантракт,дэманстрацыя.

Словы для даведкі: аб’яднанне, доказ, перашкода, падман, падабенства,

дзесяцідзёнка, тлумачэнне, падарожжа, дагавор,паказ.

2 картка

Фантазія, абзац, дэфект, дыспут, антракт, антракт, галкіпер, аратар, аналіз, дэманстрацыя.

Словы для даведкі: уяўленне, недахоп, спрэчка, перапынак, чырвоны радок,

варатар, прамоўца, разбор, паказ.

 

АДКАЗЫ

Падбярыце да запазычаных слоў спрадвечная беларускія

1 картка

Альянс – аб’яднанне, аналогія – падабенства, аргумент – доказ, бар’ер – перашкода, фальш – падман, ваяж –падарожжа, дэкада – дзесяцідзёнка, каментарый –  тлумачэнне, кантракт – дагавор,дэманстрацыя –паказ.

 

2 картка

         Фантазія– уяўленне, абзац– чырвоны радок, дэфект – недахоп, дыспут – спрэчка,антракт – перапынак, антракт– перапынак, галкіпер — варатар, аратар — прамоўца, аналіз— разбор, дэманстрацыя — паказ.

ДАДАТАК 2

  1. Вызначце, да якога тыпу паводле ўжывання адносіцца слова. Патлумачце выбар.

Філон , рубанак, зубрыць, хвост, галень, драч, маўчацьмеш,  дамушнік, папса, бабашка, хаза, ныга, хоцьму, дажджуха, краснюк, завязаць, замятуха.

 

  1. 2. Выпішыце спачатку гістарызмы, затым архаізмы. Падбярыце да іх сучасныя адпаведнікі.

Ураднік, працадзень, чырвонаармеец, каптур, дзіда, скрыжалі, бранзалеты, лікбез, баярын, аброк, лемантар, атрамант, ланіты, уста, калчан, чало, дойлід, аканом, калітка, нэп, сеча.

 

  1. Выпішыце неалагізмы, растлумачце іх.

Стаханавец, біёніка, касмадром, рызаграфія, камп’ютар, галаграфія, губерня, аўтабан, спадарожнік, мануфактура, акванаўт, аэраджып, маніторынг, маркетынг, дысплей, імідж, гала-канцэрт, іспыты, дызайн.

 

АДКАЗЫ

  1. Вызначце, да якога тыпу паводле ўжывання адносіцца слова. Патлумачце выбар.

Філон (ж.), рубанак (пр.), зубрыць (ст.ж.), хвост (ст.ж.), галень (д.), драч (д.), маўчацьмеш (д.),  дамушнік (ж.), папса (м. ж.), бабашка (дз.ж.), хаза (ж.), ныга (д.), хоцьму (д.), дажджуха (д.), краснюк (д.), завязаць (ж.), замятуха (д.).

 

  1. 2. Выпішыце спачатку гістарызмы, затым архаізмы. Падбярыце да іх сучасныя адпаведнікі.

Гістарызмы: Ураднік, працадзень, чырвонаармеец, лікбез, баярын, аканом, нэп.

Архаізмы: Каптур (чэпчык, чапец), дзіда (кап’ё), скрыжалі (законы), бранзалеты (біжутэрыя), аброк (налог), лемантар (буквар), атрамант (чарніла), ланіты (шчокі), уста (вусны), шылгіна (калчан), чало (лоб), дойлід (архітэктар), калітка, сеча (бой).

 

  1. Падкрэсліце неалагізмы, растлумачце іх.

Стаханавец, біёніка, касмадром, рызаграфія, камп’ютар, галаграфія, губерня, аўтабан, спадарожнік, мануфактура, акванаўт, аэраджып, маніторынг, маркетынг, дысплей, імідж, гала-канцэрт, іспыты, дызайн.

ДАДАТАК 3

СЛОВА

Разбіваецца слова

аб прастору,

як птушка:

пранік, церніца, прасніца,

матавіла, барташка,

апалушкі, пярэтычкі,

дылі, білы, сявенькі…

Колькі слоў паўмірала –

Бабулек сівенькіх.

Данута Бічэль-Загнетава

ДАДАТАК 4

 

  1. Адзначце словазлучэнні, ужытыя ў пераносным значэнні.

 

а) мяккі дакор;                                    к) мяккая канапа;

б) цвердае слова;                                л) сухі адказ;

в) востры нож;                                    м) шапка снегу;

г) глыбокая думка;                             н) гняздо ластаўкі;

д) корань зла;                                      о) дыетычны стол;

е) востры позірк;                                 п) бура пачуццяў;

ж) глыбокі калодзеж;                          р)  густы кісель;

з) чэрпаць веды;                                  с)  глухі куток;

і) мяккі намек;                                     т)  паляўнічы нож

 

ДАДАТАК 5

 

Заданне. Назавіце словы-амонімы па лексічным значэнні

1 картка

“Хімічны элемент”,   “стары густы сасновы лес”

“ Кветка”,   “імя хлопчыка”

                                             2 картка

“Адшліфаванае шкло, здольнае даваць адбіткі прадметаў”,   “падвясны асвятляльны прыбор”

  “ Снарад з выбуховым рэчывам”,   “выраз твару”.

 

Адказы:

 

1 картка

“Хімічны элемент”, “стары густы сасновы лес” – бор.

“ Кветка”, “імя хлопчыка” – Васілёк.

 

                                                   2 картка

“Адшліфаванае шкло, здольнае даваць адбіткі прадметаў”, “падвясны асвятляльны прыбор” – люстра.

  “ Снарад з выбуховым рэчывам”, “выраз твару” – міна.

 

ДАДАТАК 6

 

Заданне.  Падоўжы прыказку, падабраўшы антонімы

         1 картка

  1. Адною рукою дае, а дзвюма …
  2. Бацькаўшчыны не купляюць і не…
  3. Лепш адзін прыяцель, як дзесяць …
  4. Лета збірае, а…прадае.

2 картка

  1. Слухай многа, а гавары…
  2. Па адзенні сустракаюць, а па розуму …
  3. Дрэнны пачатак не к добраму ….
  4. Не ганьбуй старым ботам, пакуль … не пашыў .

 

Адказы:

         Антонімы – словы з процілеглым значэннем.

     1 картка

  1. Адною рукою дае, а дзвюма адбірае.
  2. Бацькаўшчыны не купляюць і не прадаюць.
  3. Лепш адзін прыяцель, як дзесяць ворагаў.
  4. Лета збірае, азіма прадае

2 картка

  1. Слухай многа, а гавары мала.
  2. Па адзенні сустракаюць, а па розуму праважаюць.
  3. Дрэнны пачатак не к добраму канцу.
  4. Не ганьбуй старым ботам, пакуль новы не пашыў.

 

ДАДАТАК 7

 

Заданне “Рэдактар” (работа ў групах)

Падкрэсленыя словы ў тэксце дапоўніце словамі-сінонімамі (творчая работа).

Восень

Адышло лета. I неяк нячутна падкралася восень. Шалясціць залатым лісцем бяроз вецер. Трапечуцца агніста-чырвоныя макаўкі асін. Зацвілі сінія верасы. Зардзеліся чырвоныя гронкі рабіны. Пунсавеюць, гнуцца долу галінкі спелай каліны.

Сцелюцца  на зямлю аранжавыя, жоўтыя, чырвоныя, белыя пялёсткі апошніх кветак. У празрыстым паветры плывуць серабрыстыя павуцінкі. Над рэчкаю і лагчынамі паўзе сівы туман.

 

Восень

Адышло, адзвінела лета. І неяк нячутна, спакваля падкралася восень. Шалясціць  залатым лісцем бяроз вецер. Трапечуцца, дрыжаць агніста-чырвоныя макаўкі асін. Зацвілі, закрасавалі сінія верасы. Зардзеліся, зачырванелі чырвоныя гронкі рабіны. Пунсавеюць, гнуцца, сцелюцца долу галінкі спелай каліны.

Сцелюцца на зямлю аранжавыя, жоўтыя, чырвоныя, белыя пялёсткі апошніх, восеньскіх кветак. У празрыстым паветры плывуць серабрыстыя, тонкаструнныя  павуцінкі. Над рэчкаю і лагчынамі паўзе, насоўваецца  сівы туман.

 

ДАДАТАК 8

 

Заданне 1. Да дадзеных фразеалагізмаў падбярыце сінанімічныя.

Руслана (на кампьютары). Абуваць у лапці, ездзіць на карку, куры не клююць, адстаўной казы барабаншчык, адвод вачэй, кляваць носам, хоць гаць гаці.

Для даведак: Абсевак у полі, дымавая заслона, адбою няма, абводзіць вакол пальца, віць вяроўкай, табаку важыць, на валовай скуры не спішаш, браць на арапа, хоць сцены ў хаце абклейвай, браць верх, пацёмкінская вёска, гульня ў ката і мышку, надзяваць хамут, вадзіць акунёў.

 

АДКАЗЫ

Абуваць у лапці – абводзіць вакол пальца.

Ездзіць на карку – браць верх.

Куры не клююць – хоць сцены ў хаце абклейвай.

Адстаўной казы барабаншчык –  абсевак у полі.

Адвод вачэй – дымавая заслона.

Кляваць носам – вадзіць акунёў.

Хоць гаць гаці – адбою няма.

 

 Заданне 2. Падбярыце беларускія алпаведнікі да наступных рускіх фразеалагізмаў.

Яна (на кампьютары). Из уст в уста, несолоно хлебавши, из-под палки, как с гуся вода, кукиш с маслом, при царе Горохе, проще пареной репы, сидеть в печенках

Для даведкі. шылам патакі хапіўшы, з вуха на вуха, як шарварку адрабляць, і ні лыс Габрусь,  як абаранак з’есці,  за дзедам шведам, Гула смаленая, у знакі дацца.

 

АДКАЗЫ

Из уст в уста – з вуха на вуха.

Несолоно хлебавши – шылам патакі хапіўшы.

Как с гуся вада – і ні лыс Габрусь.

Кукиш с маслом – Гула смаленая.

При царе Горохе – за дзедам шведам.

Проще пареной репы – як абаранак з’есці.

Сидеть в печенках – дацца ў знакі.

 

 ДАДАТАК  9

 

Заданне 3. Прачытайце наступныя беларускія літаратурныя афарызмы.

 

  1. 1. Мой родны кут, як ты мне мілы!..

(Я.Колас)

  1. Народа няма напалову —

Ён ёсць ці яго няма.

(В.Зуёнак)

  1. Найлепшая з нашых дарог –

Дарога дадому.

(П.Панчанка)

  1. Радзіма будзе жыць без мяне,

Мяне без Радзімы не будзе !

(Р.Барадулін)

  1. Вякоў гісторыю нам пішуць дні.

(П.Трус)

  1. Ёсць куток на зямлі:

Дзень адзін пражывеш –

Назаўсёды цябе зачаруе.

(М.Танк)

  1. Жывеш, пакуль жывыя,

Хто нарадзіў цябе.

(В.Зуёнак)

  1. 8. Вось лад такі на гэтым свеце:

Адны ў пашане, тыя ў смецці

І век жывуць пад нейкім страхам,

Усе ж выйшлі ў жыцце адным шляхам.

(Я.Колас)

  1. 9. Верым, што лепшая частка жыцця –

Тая, якую пражыць збіраемся.

(Р.Барадулін)

  1. Бяда і радасць ходзяць побач вечна,

Людзей ратуе толькі чалавечнасць.

(П.Панчанка)

  1. 11. Той дзень прапаў і страчаны навекі,

Калі ты не зрабіў таго, што мог.

(П.Панчанка)

 

ДАДАТА 10

 

С. ГРАХОЎСКІ “СЛОВЫ”

 

Над намі словы ўладараць,
Мы чуем і гаворым  іх,
Яны то здружаць, то пасвараць
Сяброў і ворагаў маіх.

Бо словы розныя бываюць.
Адны – агню стрымаюць шквал,
Другія словы забіваюць
Усё жывое напавал.

 

Ад слова сэрца халадзее,
Праходзіць сон і забыццё,
Ад слова рушацца надзеі,
Ад слова свеціцца жыццё.

Ад слова вырастаюць крылы,
А ў сэрцы стукае любоў,
Ад слова прыбываюць сілы,
Дык не шкадуйце  шчырых  слоў!

ФОТАГАЛЕРЭЯ                            ДАДАТАК 11